Текст:Аб дурню і залатым птаху
Было ў ваднаго чалавека трох сыноў: двух разумных, а трэйці — дурны. Старэйшы ўмеў на скрыпцы йграць, серадольны — на дудцы, а найменшы — дурны, — усё, седзячы на печы, лучыну стругаў. Вырасла ў таго гаспадара ў садочку яблынка, а на ёй расьлі залатыя яблычкі. Аднаго разу агледзілі яны, што кажнаю ноччу не ставала аднаго яблычка. Выправіў бацька старэйшага сына пілнаваць, а ён прыставіў драбінку да яблыні і йграе сабе ды йграе. Адно-ж на раніцу яму спаць захацелася, ён задрамаў, а тымчасам нешта зашумела. Прачнуўся, аж нідзе нічога няма, толькі яблычка не стае. Пайшоў ён да бацькі змаркоціўшыся, што не дапільнаваў. На другую ноч серадольны кажа: — Пайду ўжо я, я дапільную. Як прыйшла другая ноч, пайшоў ён із сваёй дудкай, сеў на драбінцы ды йграе сабе на ўсякія лады. Грае ён так, грае, ледз узыйшла зарніца, а яму спаць захацелася; ён задрамаў, аж чуе скрозь сон, што нешта зашумела. Пакуль ён прачнуўся, ізноў аднаго яблычка няма. Брыдка й яму ісьці ў хату, што не дапільнаваў яблычка. А ўжо той дурны кажа: — На чым стану то стану, а такі мушу дапільнаваць залатых яблычкаў. — Усе толькі ўсьміхнуліся на тую гутарку. Прышла трэйцяя ноч, дурны, такі ўжо рызыкоўны, выбіраецца ўжо на драбіну, набраў із сабою лучыны ды й пачарапкаўся якраз на яблынку. Стругае ён сабе, стругае ды й падсьпеўвае. Ледзь пачало на сьвет займацца, аж чуе шчэ здалёк, што нешта шуміць. Прытаіўся ён на драбінцы, ажно-ж залаты птах вялікі, большы за жураўля, ляціць проста на залаты яблычак. Птах да яблынкі, а ён яго — цап за хвост. Птах вырваўся і яблычка ня ўкраў, толькі тры пярынкі засталося ў дурнога ў руцэ. Бяжыць ён з радасьцю ў хату: — А што, ці-ж не казаў, што дапільную. Хоць птушку й упусьціў, але пер'е якое маю і яблычкі ўсе. Браты, як кроўю пазаліваліся ад сораму, што дурны славы даканаў. І давай тут старшы брат казаць: — Ну, браткі, паеду я ў сьвет шукаць гэтае птушкі. Узяў адну пярыну із сабою, набраў грошай на дарогу і ўсяго, што было патрэбна, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Прайшло ўжо шмат часу — ані птушкі, ані брат старэйшы не варочаецца. Тады серадольны й кажа: — Ну, паеду-ж я ўжо шукаць і брата і птушкі. Набраў і той усяго ўсялякага, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Жджэ бацька, жджэ год і другі, а тут ані птушкі, ані сыны не варочаюцца. Ажно-ж аднаго разу, стругаючы лучынкі, аказваецца дурны: — А што-ж, татку, ані хлапцоў нашых, ані птушкі няма, трэба ўжо мне выбірацца ў дарогу. Бацька падумаў сабе: — Ідзі! Няма тых разумных, то няхай і цябе, дурнога, ня будзе. Дурны нічога із сабою ня браў: ані грошай, ані яды, толькі ўзяў трэйцюю пярынку, кій у руку, ножык прывязаў да пояса, той самы, каторым ён лучынкі стругаў, ды й пайшоў пехатою. Ідзе ён сабе ды йдзе, ужо й ноч надыходзіць, аж бачыць, ляжыць пры дарозе конь здохлы. Нічога ў ім у сярэдзіне ня было, толькі хрыбеты наставіліся. Спыніўся гэта дурны, паўглядаўся на каня і думае сабе: — Легчы спаць на полі, то холадна будзе на ветры; прасіцца да каго нанач, шчэ ня прымуць, улезу ў гэты тулаб ды й буду ў ім спаць, як на печы ў таткавай хаце. Улез ды й зараз заснуў. Сьпіць ён сабе спакойна, аж чуе, што нехта яго хату торгае. Зірнуў ён праз скабы, аж гэта ваўчыца цягае гэтага каня і каля яе ваўчанятка маленькае: яна грызе, а яно сабе бегае ды нюхае і ўбегла ў сярэдзіну, дзе ляжаў дурны. Як яно ўбегла, дык ён — цап за яго, а ваўчыца давай прасіць ды маліць: — А мой ты, — кажа, — такі, а мой ты сякі, зраблю табе, што захочаш, адно аддай мне маё дзіця! Дурны-ж кажа: — Мне нічога ня трэба, толькі скажы ты мне, дзе жыве залаты птах, што ў майго бацькі яблычкі краў? — І скажу табе, — кажа, — і завяду, толькі пасядзі ты тут крышачку, пакуль я сваё дзіця да гнязда завяду і сама вярнуся. — Ну, — кажа дурны, — добра, пачакаю, толькі не марудзь, — і аддаў ёй тое воўчанятка. Як ваўчыца сказала, так і зрабіла. Прыйшоўшы да яго кажа: — Ну сядай на мяне, я цябе хутчэй занясу, чымсьці ты туды сам дойдзеш. Нясла яна яго, нясла, а як ім есьці захочацца, то ваўчыца пабяжыць, зловіць хутчэй дзе што, задушыць, прынясе яму; ён крыху прыпячэ, зьесьць ды далей у дарогу. Прышлі яны да мора. Ваўчыца кажа: — Я табе пайду гусачку злаўлю, пад'есьці трэба, каб быў дужы, бо цяжкая праца цябе чакае. Калі-ж пераплылі на другі бок мора, ваўчыца яго зноў навучае: — Ідзі ты ў гэты двор, што бачыш, толькі паціхусеньку, памалюсеньку, каб нідзе ня шаснуў, бо гэта закляты двор: усё ў ім, што толькі ёсьць, то сьпіць; а як ты, — кажа — шарахнеш, то ўсё папрабуджваецца і ты стуль ужо жывым ня выйдзеш. А як ты, — кажа, — увойдзеш у браму, то там два сабакі стаяць, на зялезных ланцугох укованыя, то йдзі паціхусеньку, не разбудзі іх, бо як яны забрэшуць, то цэлы двор разбудзяць. А глядзі, — кажа, — як ты ўвойдзеш у першы пакой, там вісіць меч бразгучы, — ён залаты, дарагімі каменьнямі саджаны і вельмі харошы й дарагі; але ты яго ня чапай, бо як ён, — кажа, — пачне бражджэць, зьвінець, то ўсе папрачынаюцца, і ты там зьгінеш. Увойдзеш, — кажа, — у другі пакой, вісіць гадзіньнік зьвінячы, не чапай яго, бо зьгінеш. І яшчэ яму кажа: — Глядзі-ж як увойдзеш у трэйці пакой, там вісіць залатая клетка, а ў тэй клетцы сядзіць залаты птах, што ў вас яблычкі краў; вымі, — кажа, — яго з клеткі памалюсеньку, паціхусеньку і сам цішком ідзі назад, да мяне, бо я на цябе тут чакаць буду. Так ён і пайшоў туды. Перайшоў ён тыя сабакі, бачыў ён шмат людзей — нейкіх чарнакніжнікаў, а ўсе і ўсё, дзе што хто рабіў, там і заснулі. Перайшоў ён тыя пакоі, пра якія яна яму казала, ды і ўвайшоў у трэйці. Тут, як не рване за тую клетку з птахам (ведама як дурны), дык як ня возьмуць званы біць, а ён як ня выляціць у другі пакой, як не рване за той залаты гадзіньнік — як не пачне той гадзіньнік на ўсялякія лады перацінаць; як ня выляціць ён у першы пакой, ды за той меч — меч зьвініць, бражджыць. Усё тое галасу нарабіла, крыку, гармідару; тыя папрачыналіся, а ён дай Бог ногі; і волас з галавы яму ня спаў — пераляцеў, як муха між імі. Бачыць ваўчыца здалёк, што ён ляціць на перадзе, а яны яго ўжо даганяюць, падбегла яна да яго, ён сеў на яе з гэтым багацьцем ды й паплылі. Адплылі добры кавалак ад берагу, глядзяць ажно тыя ўсе стаяць над морам ды й рукі ломяць, ды й ломяць... Пераплылі яны ўжо мора, давай ён прасіць ваўчыцу: — Скажы ты мне, дзе мае браты, парадзь ты мне, як-бы я мог іх дастаць. — Ня зьвязвайся ты, — кажа ваўчыца, — з братамі, бо яны цябе ізь сьвету зьвядуць. Але ён яе просіць, ён яе малястуе. — Скажы ты мне, скажы! Мяне, — кажа, — бацька за дурнога мае ды й ня любіць так, як іх, няхай ён зь іх хоць пацешыцца. Не магла ваўчыца ад яго адчапіцца ды й кажа: — Ідзі на каралеўскі двор, яны ў вастрозе сядзяць, толькі пільнуйся, — кажа, — каб яны цябе ізь сьвету ня збавілі, — ды й разьвіталася зь ім. Дурны пайшоў да братоў, а яна да свайго дзіцяці. Дайшоў дурны да караля ды й дастаяў таго, што яго братоў звольнілі. Сабраліся яны ўсе разам ды й паехалі да бацькі. Прыехалі браты ў цёмны лес, узялі таго дурнога забілі, а забіўшы, адцягнулі крыху з дарогі, гальлём прыкрылі, а самі зь яго багацьцем паехалі. Бегла тудою тая самюсенькая ваўчыца ды зьветрыла цела дурнога. Падбегла, разьвярнула гальлё і пазнала, што гэта ён. — От, — кажа, — як ён мяне паслухаў. А я яму казала, а я прыказвала, а я навучала — ды так яна ўжо па ім бядуе, і сама ня ведае, што яму даць за радачку. Прыдумала пасьля сама сабе: — Пайду, — кажа, — я да таго здохлага каня, мо я там якую радачку знайду. Прыбегла яна да таго каня, улезла ў той тулаб ды й сядзіць, ажно наляцелі крукі тое сьцерва кляваць. Яна гэта зьнячэўку ўхапіла адно кручанё ды й трымае, а кручыха так яе ўжо просіць, так моліць. Ваўчыца кажа: — Як ты мне прынясеш вады жывучае ды гаючае, то я табе аддам тваё дзіця. — От, як бач, — кажа кручыца, — так і прынясу, — ды й паляцела хутчэй сама. Набрала яна за гарамі, за дунаямі дзьве пляшачкі вады ды й прыносіць. Ваўчыца зараз ёй дзіця аддала, а сама пабегла да дурня, паліла яго аднэю вадою, ён ажыў, паліла другою — устаў. — А што, — кажа ваўчыца, — ці-ж я табе не казала, што твае браты гэтак зробяць? Пасьпяшай-жа ты цяпер хутчэй да дому, бо ўжо твой бацька бяседу склікае, па табе стол адстаўляцьме ды й з радасьцю, што ягоныя сыны з такім багацьцем жывыя й здаровыя да хаты паварочаліся. Зьяжджаюцца туды і паны, і цыганы, і каралі, і ўсялякія людзі, бо кажнаму гэта вялікае дзіва. А як ты прыйдзеш туды, то цябе ніхто не пазнае; ты прасіся, каб цябе хоць за падкухара прынялі. Бацька, — кажа, — твой не захоча, але кухар прыме, бо яму надта шмат працы. А памятай, — кажа, — калі кухар будзе абед той варыць, то ты ў кажную страву ўпусьці па калельцы гэтае вады, то яна надта смачная будзе. Як яна яму сказала, так усё сталася. Прыняў яго кухар за падкухара, пасьля панастаўляў яму ўсялякіх страваў, каб варыліся, а дурны яму і кажа: — Дзядзьку, вы сабе або пайдзеце дзе можа, або ляжце, вы стурбаваліся ўжо, а я адзін дам раду. А кухар з таго надта рады, зьверыў ужо ўсё на дурня, а сам прыйшоў толькі тады, калі пара была даваць да стала ды й знайшоў усё пароблена, як не спадзяваўся. Па тэй ужо вячэры ці па абедзе, хто яго ведае, як там называць, кліча гаспадар кухара, дае яму гасьцінца ды й дзякуе за такія смачныя стравы. Толькі той кухар быў нейкі сумленны ды й кажа: — Гэта той хлапец, што стаў за падкухара, панаварваў такіх смачных страваў. Гаспадар кажа: — Клікні мне гэтага падкухара. Прыходзіць падкухар, а гаспадар: — Дзе ты, — кажа, — і скуль навучыўся гэтак смачненька варыць? — У цёмным, — кажа, — лесе, пры дарозе, з-пад братняе рукі, што за дабро ліхам плацяць. Гаспадар і госьці не зразумелі гэтага, толькі браты, як папера, белыя сталі. Тады дурны кажа: — Калі не разумееш падкухара дурнога, то глянь і здагадайся на сынох разумных. — Чаму, — кажа, — так? — А дзе-ж, — кажа, — пане гаспадару, твой сын трэйці — дурны? — А Бог яго сьвяты ведае. Тады дурны бацьку да ног: — А то-ж я, — кажа, — твой сын найменшы, я славу даказаў, я птаха з-за мора з заклятага двара дастаў. Я, — кажа, — братаў з вастрогу выкупіў — і давай расказваць усю сваю прыгоду, што меў ад тае пары, калі выйшаў з бацькаўскае хаты. Слухаў яго бацька, а пасьля загадаў узяць зялезныя бораны ды й парасьцягваць разумных сынкоў, а з тым дурным мо' і цяпер яшчэ жыве і цешыцца.