Текст:Ракаў гнеў

(перенаправлено с «Ракаў гнеў»)

Ракаў гнеў



Автор:
Белорусская народная














Загневаўся рак на Бога. — Дрэнны лёс прызначыў мне Бог, — кажа ён — цэлы век на цёмным дне поўзаць мне суджана; ні сьвету, ні цяпла, ні радасьці, ні вясёласьці. Запоўз рак у цёмную нару і сказаў: — Лепш памру я тут, а назад ня вылезу. І сказаў Бог Сонцу, каб яно ўгаварыла рака. Бліснула сонейка сваімі коскамі сьвету й прамовіла: — Рача, рача, ня гневайся! Усім Бог прызначыў жыцьцёвую дарогу. Вось бачыш, рача: мільёны гадоў хаджу я тэй самай дарогай і кажны год пасылаю на зямлю аднолькавую колькасьць цяпла й сьвятла. Кажны год бывае сьцюдзёная зіма, а па зіме прыходзіць радасная вясна й лецейка. Кажнаму суджана цярпець Бяду й Нядолю, але кажнага суцяшае Радасьць і Ўцеха. Адпусьціся-ж рача, ня гневайся! — Тваё сьвятло да мяне амаль не даходзіць, — сказаў рак і ня вылез з нары. Паслаў Бог ластаўку прасіць рака. — Рача, рача, ня гневайся! — прашчабятала ластаўка. — Кажнага ў жыцьці спатыкаюць Бяда й Нядоля. Вось хоць-бы ўзяць і маё жыцьцё. Маленькая й безбаронная я птушачка. І кот і навет мыш-кажан мяне загрызьці могуць, і ястраб і варона заклююць, і навет верабей зь мяне назьдзекуецца. А як дзетак сваіх гадую! Зьлепіш гэта гнязьдзечка дзесь пад страхою. Добра, калі добрыя дзеці будуць у гаспадара, тады я вывяду сваіх дзетак. Але часта бываюць і распусьнікі і споруць палкамі маё гнязьдзечка, і дзетак маіх зьнішчаць. Вось і плач усё жыцьцё па дзетках сваіх. А колькі нас гіне, калі мы пералятаем на зіму ў цёплыя краіны! Богу аднаму ведама. — Ты маеш волю і ведаеш сьвет, — сказаў рак і яшчэ далей паціснуўся ў нару. Паслаў Бог дрэва. — Рача, рача. Ня гневайся! — сказала пахілая вярбіна. — Няма больш бяздольнага жыцьця, як маё жыцьцё. Сам ты бачыш, які лёс мне Бог прызначыў. Вось стаю я на беразе рэчкі цэлае жыцьцё. Вада агольвае карэньні мае, вецер зрывае лісты мае. Пастушкі абразаюць мае галінкі. Узімку ўся я ледзянею ад холаду. А рэчка ня мае літасьці і вось падмые яна мае карэньні, і халодная вада пахавае маё цела. — Але ты можаш аглядаць Божы сьвет, — сказаў рак і з нары ня вылез. Сказаў Бог каню, каб ён перапрасіў рака. Падыйшоў худы конь да рэчкі, страсянуў грываю ды сумна апусьціў галаву: — Рача, рача, — прамовіў ён: — што ты ўздумаў? Паміраць хочаш? Ты думаеш, што маё жыцьцё лепшае за тваё? Паглядзі на маё цела! Ты бачыш раны і гузы. Гэта ад хамута ды ад пабояў. Увесь век цягаю цяжары. А калі сілы мне не хапае, дык яшчэ й палкамі падганяюць. Адзіная ўцеха, калі выдарыцца добры гаспадар, дык часам па шыі палопае, пахваліць мяне за шчырую працу. І ўсё-ж такі я не хачу паміраць. Высунуўся рак з вады й сказаў горасным голасам: — Цябе хоць калі пашкадуюць, а мяне ніхто й ніколі, — і палез узноў у нару, яшчэ далей у яе паціснуўся. Паслаў Бог жыта. Скланіла жыцейка свой каласок над рэчкаю ды прыемным галаском прамовіла: — Рача, рача! Ня гневайся! Паслухай ды паглядзі на маё жыцьцё! Вось калі мае зярняткі кідаюць у сырую зямліцу, я пускаю чырвоненькі парасток. Радасна мне. Неўзабаве пышнаю, густою, зялёнаю руньню пакрываю я зямліцу. Кажуць усе: — Вось харошая рунь, — і цешацца зь мяне. Ды нядоўга трывае мая ўцеха. Прыходзіць халодная восень. Мароз скуе грудзі зямлі. Па мне пачынаюць таптацца і нішчыць: і хатняя жывёла, і дзікія зьвяры, і птушкі. Потым тоўсты пласт сьнегу закрывае мяне, і ўсю доўгую халодную зіму я заміраю. Але зіма ня вечная. Прыходзіць цёплая вясна. Злазіць сьнег з палёў. Падымаецца сонейка й пасылае цяпло на зямлю. Вось зноў я абуджаюся да жыцьця. Зноў пакрываю зеленьню поле ды цягнуся ўгару да яснага сонейка. Церазь месяцаў два выплывае мой прыгожы каласок. Ён так радасна гайдаецца на сонцы і ўдыхае ў сябе сьвежае паветра. Яшчэ зь месяц, — і каласкі мае закрасуюць брылянцістай красою. Але-ж падумай сабе, рача. Мусіць кажная радасьць зьмяняецца сумам. Наліваюцца мае каласкі поўным зернем. Хораша жаўцее ніва, а людзі з уцехаю глядзяць на мяне. І вось тады пачынаецца пакута мая. Прыходзяць на поле жнеі. Зразаюць мае сьцеблі вострымі сярпамі, зьвязваюць у цесныя снапы, сушаць мяне на сонцы, а потым, наваліўшы на цяжкі воз, вязуць у гумно. Нядоўга я маю супакой у гумне. Пачынаюць мяне малаціць. Б'юць мяне, мятушаць, аддзяляюць мае косьці ад цела. Потым веялкаю аддзеляць мае зярняткі і ссыпаюць у засек. Ды што-ж ты думаеш, канец маёй пакуце? Яна толькі пачынаецца. Насыпаюць гэта маіх зярнят у мяшкі й вязуць да млына і пераціраюць мяне на муку. Далей ужо каля мяне бярэцца гаспадыня, каб сьпячы з мукі смачны хлеб. Вось мокну я, мокну ў дзяжы, кісну я, кісну; месяць мяне, перакідаюць; потым, скачаўшы баханку, кідаюць мяне ў напаленую да чырвана печ. Рача, рача! Ці-ж можаш ты сабе ўявіць тую пакуту, якую мне трэба цярпець у печы? Ой, цяжка, ой, страшна. Ты гэтак ні разу не пакутваў. Тады толькі страшэнная боль усьцішыцца, калі дастануць мяне зь печы і абальюць халоднай вадзіцаю. І ўсё-ж такі я ня гневаюся на Бога. Заварушыў рак сваімі доўгімі вусамі і вылез з нары.