Текст:Сіняя сьвіта налева пашыта
Жыў-быў цар-чараўнік. Клікнуў ён кліч па ўсяму царству: «Хто схаваецца ад мяне, таму поўцарства аддаю!». Знайшоўся такі ахвотнік — Сіняя сьвіта налева пашыта. Прыходзіць ён да цара-чараўніка: — Я, — кажа, — бяруся схавацца так, што ты мяне ня знойдзеш. — Добра, — кажа цар. — Калі схаваешся — поўцарства табе, а не — галава з плеч. Расьпішыся. Расьпісаўся Сіняя сьвіта і давай хавацца. Перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы — забег у трыдзевятае царства. А ў тым царстве быў дужа вялікі луг. Прыбег ён на той луг і перакінуўся ў тры кветкі. На другі дзень цар устаў, паглядзеў у свае чараўнічыя кнігі і кажа: — Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег на вялікі луг у трыдзевятае царства і перакінуўся ў тры кветкі розных колераў. Паклікаў цар слуг і загадаў ім схадзіць у тое царства і прынесьці зь вялікага лугу тры кветкі розных колераў. Пайшлі слугі. Доўга ішлі ці нядоўга, але дайшлі да вялікага лугу, сарвалі тыя кветкі, загарнулі ў хустачку і прынесьлі цару. Цар разгарнуў хустачку і сьмяецца: — А што, Сіняя сьвіта, ці схаваўся ты ад мяне? Сіняя сьвіта перакінуўся ў чалавека і кажа: — Дазволь мне, цар, схавацца яшчэ раз. Цар дазволіў. Сіняя сьвіта налева пашыта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства. А ў тым царстве быў такі мох, што зьверху балота, а пад нізам возера. Зайшоў ён у мох, перакінуўся рыбай-вокунем, забраўся на самае дно возера і сядзіць там. Раніцай цар устаў, паглядзеў у свае чараўнічыя кнігі і кажа: — Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег за трыдзевяць зямель у трыдзесятае царства і схаваўся ў мохавым балоце, перакінуўся ў рыбу-вокуня! Загадаў цар сваім слугам ісьці ў трыдзесятае царства ачысьціць мохавае балота і злавіць там вокуня. Слугі так і зрабілі: ачысьцілі балота, закінулі невады і злавілі вокуня. Загарнулі яго ў хустачку, прынесьлі цару. — Ну, што, Сіняя сьвіта налева пашыта, ці схаваўся ты ад мяне і другі раз? — сьмяецца цар. Сіняя сьвіта перакінуўся ў чалавека і кажа: — Дазволь, цар, схавацца яшчэ раз. Цар дазволіў. Сіняя сьвіта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Як бегчы, так бегчы, забег у трыдзесятае царства, дзе расьце такі дуб, што карэньні ў зямлі, а вяршыня ў небе. Улез ён на дуб, перакінуўся іголкаю, зашыўся пад кару і сядзіць там. Прыляцела на дуб птушка Нагай, пачула нюхам, што пад карою чалавек сядзіць, ды пытаецца: — Хто тут ёсьць? — Я, — кажа Сіняя сьвіта. — А чаго ты сюды залез? — Дык вось, узяўся ад цара-чараўніка схавацца, а ніяк не ўдаецца. — Хочаш, я цябе схаваю? — Схавай, добрая птушка. Век буду табе дзякаваць. Птушка Нагай перакінула яго пярынкаю, узяла пад крыло, занесла ў царскі палац і палажыла соннаму цару за пазуху. Раніцай цар устаў, памыўся, паглядзеў у чараўнічую кнігу і кажа: — Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам, забег у трыдзесятае царства. Ёсьць у тым царстве дуб, што карэньні ў зямлі, а вяршыня ў небе. Забраўся ён за яго кару і сядзіць там, перакінуўшыся іголкаю. Загадаў цар слугам сьпілаваць дуб, пакалоць на дровы і спаліць. Слугі так і зрабілі, а Сіняй сьвіты не знайшлі. Прыходзяць і кажуць цару: — Няма там Сіняй сьвіты. — Як няма? — усхадзіўся цар. — Ня можа гэтага быць! — Няма і ўсё, — кажуць слугі. Выйшаў цар на ганак, пачаў клікаць: — Сіняя сьвіта налева пашыта, пакажыся! — Зьбяры, — адказвае Сіняя сьвіта, — сваіх генэралаў, тады пакажуся. Цар чуе голас Сіняй сьвіты, а ня ведае, адкуль ідзе той голас. Круціўся ён, круціўся, усюды заглядваў, а Сіняя сьвіта, як вадой разьліўся. Ну, рабіць няма чаго, сабраў цар сваіх генэралаў. Выйшаў на ганак і зноў кліча: — Сіняя сьвіта, пакажыся! — Не, — чуе голас Сіняй сьвіты, — сьпярша пры генэралах адпішы мне палавіну царства, тады пакажуся. Бо ты падманіш — я цябе ведаю! Як не хацелася цару, а прыйшлося адпісаць палавіну царства. Як толькі пры генэралах паставіў ён на ўказе сваю царскую пячатку, — з-за пазухі яго выпырхнула лёгкая пярынка і стала добрым малайцом. — Вось і я! — кажа Сіняя сьвіта. Схапіў ён той указ ды ў кішэню. Перастаў тады цар-чараўнік хованкамі займацца.